Паўстаньне машын

Мы йшлі па цёмных прысадах,
дрэвы трымцелі ад ветру як параноікі.
Як раптам аднекуль ззаду
выскачылі андроіды-гопнікі.

З пагнутымі змалку лёсамі і галавамі,
пазашлюбныя дзеці навукі,
нам з каханай нанесьлі сур'ёзныя траўмы.
Вось сукі!

Апрытомеўшы ў палаце рэанімацыйнай
без ныркі і з тытанавай пласьцінай на ілбе,
даведаўся, што мая дзяўчына
ад стрэсу ходзіць у сьне і пад сябе.

Ды й сам я стаў безабаронным нібы кацяня.
Жыцьцё паляцела імкліва да сузор'я Сракі.
Дзяўчына спытала: "Што гэта была за херня?"
На працы сказалі: "Бывайце, Сяргей. Вашу пасаду заняў робат па імені Чакі".

Я зараз не буду пафасна прамаўляць,
як раней радасна і беспрабудна жылося.
Але , дарагія зямляне, вашу ж маць:
паўстаньне машын ужо пачалося.

Вірус N

У рэстаран "Валасы Веранікі" з санітарнай праверкай
прыйшлі ўзброеныя кантралёры.
Канфіскавалі шклянкі, нажы, талеркі,
здаўшы на экспертызу ў лабараторыю.

Тым часам у горадзе шырылася эпідэмія.
Заражаныя таямнічым супам ці мясным рулетам,
людзі выйшлі на вуліцы цэлымі сем'ямі,
пачаўшы вайну з антынародным прэзідэнтам.

Увечары галоўны ўрач краіны
у эфіры нацыянальнага тэлеканалу
аб'явіў пра пагалоўную прышчэпку спецвакцынай.
Уначы банда хворых захапіла палову ўрадавага кварталу.

Рэстаран "Валасы Веранікі" стаў штабам паўстанцаў.
Па рэгіёнах паехалі кур'еры з небясьпечнымі стравамі.
Настолькі смачнымі, што абліжаш пальцы.
Зранку вагоны з вакцынай выбухнулі ў Берасьці і пад Паставамі.

Як вулей гнілы, пасыпалася аўтарытарная струкура.
Хто быў нікім, той стаў нічый.
З гушчы народнай паўстала велічная фігура -
Тарас Дамінікавіч Вій.

З залатымі зубамі, рукамі і сэрцам,
былы школьны настаўнік працы,
сьмела павёў нас на штурм рэзідэнцыі
і меў рацыю.

Сёньня, седзячы ў крэсле міністра, у восеньскае нянасьце,
згадваю з настальгіяй тыя шалёныя дні.
Як мы рванулі наперад да хворага шчасьця,
даўшы адпор усёй той здаровай хуйні.

Зорныя войны. Апошні эпізод

У кафэ "Залатыя косьці",
дзе гуляе мясцовы бамонд,
пахне траўкаю і маладосьцю,
тытунём, алкаголем, злосьцю,
безвыходнасьцю і мілосьцю.
Дзень за днём і за годам год

наступаюць імперскія войскі.
Сьмерць віецца наўкол, як лаза.
Тут бухаюць выключна па-боску -
адміраюць ныркі, як вёскі,
разрастаюцца пагалоскі
і пульсуе зорка Шыза.

Верны сябра па шумных застольлях,
дарагі гуманоід Алег,
можа мы ўжо не ўбачым ніколі,
гэты сьвет, ненавісны да болю,
гэтых сонцаў і гэтых таполяў,
гэты першы постядзерны сьнег.

Жыцьці нашы ня вартыя й цэнта,
але маем бяз меры бабла.
Мой таварыш іншапланетны,
прапаную кульнуць за гэта.
Хутка свята - канец свету.
Мы любілі гэту планету,
хоць яна й прастытуткай была.

4-я сусьветная

У гэтым доме нуль фіранак
і не шуміць на кухні імбрык.
Спавіла павуціннем ганак.
Зарос жыгучкаю прыпынак.

Шчуры, сабакі і яноты
піруюць у цэнтральнай краме.
Гніе лістота ў парку мёртвым.
Маўчыць разбомблены парламент.

І сэрца - бы спявак бязроты
над партытурай гэтай драмы.
Скажыце, а якога чорта
ўсё гэта адбылося з намі?

Блукаюць роднаю старонкай
натоўпы зомбі тупарылых.
Я пахаваў бацькоў і жонку.
Мне гэты кут даўно ня мілы.

У бары п'юць абарыгены.
Гарыць за пожнямі АЭС.
І ў галаве гучыць рэфрэнам:
"Усё даўно згубіла сэнс".

Блішчыць расой былая веліч.
І нас вядзе ў апошні бой
наш дарагі Талаш Сяргеіч
таемнай сцежкаю лясной.

Слава Тэрмінатарам!

Мая маці - заслужаны тэрмінатар.
Мае медаль за знішчэнне еўрапейскіх народаў.
Замест сэрца - чулы акамулятар.
І кілаваты адвагі ў вачах светладыёдных.

Бацьку майго, з пашкоджанай мікрасхемай,
знайшла на руінах разбомбленай фабрыкі.
Штурмавік робабрыгады, прыгожы і смелы,
зачышчаў ад людзей Афрыку і Антарктыку.

Радня пракляла і маму і тату.
Зрэшты, пасля зачыстак у 2037-м
іх адправілі ў міжгалактычныя шахты.
Вярнуцца адтуль не ўдалося нікому.

Нядаўна мы пераехалі з райцэнтра ў мегаполіс.
Бацькі працуюць у моднай гімназіі.
Яе дырэктар Адольф Колас
аўтар падручніка "Генацыд і фантазія".

Наш гісторык Жалезны Арні,
узяўшы на грудзь 200 кілаватаў, любіць казаць:
"Мы электраліт у баях пралівалі,
каб вы жылі без людскога дыктату".

Дзякуй вам, ветэраны з халодным сэрцам і яйцамі.
Нізкі паклон за подзвіг і светлае заўтра.
Мір вам, палеглыя ў бітвах з паўстанцамі.
Вечная слава табе, Святы Тэрмінатар!

Антыбрэдбэры

У пункце рамонту тэлепартычных кабінак
нейкі сука-электрамеханік
здзейсніў крымінальны ўчынак,
падмяніўшы кітайскім арыгінальны валік.

Выходныя я збіраўся з сынам
у старажытную грэцыю на юбілейныя оргіі.
Але ў выніку дзіва-машына
занесла нас у штурмаваны маскавітамі Ноўгарад.

Гледзячы ў байніцу на атрады агрэсараў,
сын сказаў: "Тата, дай стрэльнуць".
Відаць, у двары тусуе з правільнымі балбесамі.
І як пасля гэтага ў моладзь ня верыць?

Бой быў няроўным і доўгім.
Вочы гарэлі ад азарту і страху.
Я страляў ворагу ў ногі.
Сын стараўся пацэліць у сракі.

Падчас начной перадышкі
седзячы ў мясцовай карчме,
як гісторык, чэсна сказаў абаронцам: "Вам крышка".
Бачылі б вы, як там білі мяне.

Жонцы, канешне, схлусіў: маўляў, падчас оргій
скарыстаўся ўсім спектрам паслуг.
А сын пасля падарожжа такога
на чорным рынку набыў бластэр і пару базук.

Бо на вакацыі мае сур'ёзны план
вярнуцца назад і змяніць лёс усходняй цывілізацыі.
У слушным кірунку мысліць пацан.
Гэта ж карысней, чым па вуліцах шляцца.

Астранаўт Вітаўт

Усё ў нашых руках, сябры:
зброя, бабло, дахуя тэрыторыі.
Маю для вас навіну - на планеце 12.41.03
сёння ўрачыста ўзнялі сцяг нашай Вяйшнорыі.

Таму ўвечары на цэнтральным пляцы сталіцы
пачнуцца гулянні з бухлом і шлюхамі.
Спонсар свята - карпарацыя "Мілавіца".
Прыходзьце ўсе, з дзецьмі і ўнукамі.

Дарэчы, сусвет стаў бліжэйшым для кожнага з вас.
Бо ў лютым запусцім у космас танны чартэр.
А пакуль да эпахальнай п'янкі ёсць час,
пайду пакуру ў ілюмінатар.

Таварыш Гадо

Кола сяброў Адама Шчэкавіны –
творчая багема з дамешкам прафесуры.
Ягоны брат – вытворца крафтавай вяндліны,
а бацька – класік раённай літаратуры.

Адарваныя ад народа, як пятая нага ад сабакі,
па вечарах збіраюцца ў бары "Залаты Рэпост".
У прадчуваньні важнага містычнага знаку,
існуюць пад дэвізам "наша жыцьцё – кампост".

І пакуль офісны планктон гадуе краіну,
а працоўны клас вядзе барацьбу сам з сабой,
пакуль цьвіце пад акном шыпшына –
багема перажывае творчы застой.

Віртуоза Глушко не слухаецца піянінная педаль.
Да перформера Гены раўнадушныя нават у Еўрасаюзе.
Вядомы ў вузкіх колах скульптар Віталь
лепіць гаўно – яго таксама пакінула муза.

Атмасфера накаляецца, быццам прас.
У паветры пахне шкарпэткамі і навальніцай.
Але вось-вось у бар прыйдзе да нас
таварыш Гадо і дасьць усім папусьціцца.

Міжпланетны ліст да першай настаўніцы

Дарагая Галіна Іванаўна, я ўсё памятаю,
быццам было ўчора.
Як вам сягоньня там, у халоднай касьмічнай прасторы,
дзе анічога – толькі ілюмінатар і зоры?

Шчасьця вам, здароўя і кіслароду паболей жадаю.
Піша ваш люты вораг з 8-А, Клацько Панас.
Вы станеце першая яшчэ і для дальніх нязнаных рас.
І, безумоўна, забудзеце нас.

Каланізуйце! Мове нашай вучыце, Галіна Іванаўна!
Там у вас зяць, дачка, а тут з родных – нікога ў жывых.
На планеце роднай палова – мёртвых, палова – дурных.
Няма між людзьмі ўжо стасунскаў ніякіх, акрамя палавых.

Не, вы не падумайце дрэнна –
сваю краіну я моцна люблю,
нават калі яна б'е мяне па таблу.
Я ж не пускаю саплю, а нешта раблю.

Наш маленькі атрад таемны
ратуе архівы, музеі, бібліятэкі.
Зараз культура да сракі простым чалавекам.
Яны цяпер быццам варвары, а мы нібы старажытныя грэкі.

Карацей, Галіна Іванаўна, ня сцыце –
усё, што змагу, для радзімы зраблю.
Шчасьлівай касмадарогі
вашаму караблю!

Мёртвая Тамара (апакаліптычны раманс)

Вось і адшумела ядзернае лета.
Атамная восень грукае ў акно.
У блакітным небе – яркая камета.
Я такіх не бачыў нават у кіно.

Мяккі, цёплы попел серабрыстым футрам
ахінуў руіны, пушчы і палі.
Сьпіце Брэст і Прага, Кіеў і Калькута,
шулеры і токары, мэры й куркулі.

Сьпі мой родны кут звышрадыяктыўны.
Мёртвая Тамара, і табе – бывай.
Ах, які сягоньня вечар дзіва-дзіўны –
апакаліптычны непаўторны рай!